Публикую репортаж телеканала «Белсат»:
«Набыць кватэру ў сталіцы – запаветная мара шмат каго з беларусаў. Аднак штогод кошты на жытло ў Менску павялічваюцца. Тэндэнцыя датычыцца і новых дамоў, і старых савецкіх будынкаў. Але не гэтак хутка растуць заробкі ды ўсё менш даступнымі становяцца крэдыты. На што ж пры такім раскладзе разлічваць у жыллёвым пытанні бліжэйшым часам?
Гісторыя Дзмітрыя падобная да гісторыяў тысяч менчукоў. Каб набыць аднапакаёўку, аббегаў і агенцыі, і непасрэдна прадаўцоў. На навабуд бліжэй да цэнтру грошай не хапае. Але і рынак старых кватэраў непрыемна здзівіў.
ДЗМІТРЫЙ БЯЗМЕНАЎ, НАВАСЁЛ:
“За 3 месяцы, што я вывучаў рынак, кватэры не патаннелі, а наадварот, выраслі ў кошце. Даходзіла да таго, што прыходзіш купляць кватэру, табе яна падабаецца, людзі бачаць, што ты гатовы купіць, і пачынаюць падымаць кошт”.
Гэтак, у лютым на другасным рынку кошт квадратнага метра ў аднапакаёўках вырас амаль на 10 % у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года. Гаворка пра кошты ў валюце. Двух-трохпакаёвыя старыя кватэры таксама падаражэлі. Але кошты за новыя кватэры за год падскочылі яшчэ больш – амаль на 18 %.
ПАВЕЛ АСТАПЕНЯ, ДЫРЭКТАР АГЕНЦЫІ «ПАКАДАН»:
“Нерухомасць – той жа тавар, як і хлеб, і малако, і мяса ў краме. Таму гэты рост сапраўды ідзе, і рост ва ўсіх сегментах эканомікі краіны”.
Ці можна тут разлічваць на дзяржаўную дапамогу? Не ўсім. Яшчэ месяц таму ўлады загаварылі пра зніжэнне ставак крэдытаў для некаторых ільготнікаў.
МІХАІЛ МЯСНІКОВІЧ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР БЕЛАРУСІ:
“Ужо прынятыя камерцыйнымі банкамі – “Беларусьбанкам”, “Аграбанкам”, “Белінвестбанкам” – рашэнне крэдытаваць жытло для грамадзянаў, якім трэба паляпшэнне жылых умоваў, пад 16 % гадавых. У сельскай мясцовасці – пад 14 %”.
Але гэтае рашэнне паўплывае хіба на рэгіёны.
ПАВЕЛ АСТАПЕНЯ, ДЫРЭКТАР АГЕНЦЫІ «ПАКАДАН»:
“У горадзе Менску, з улікам таго, што чаргу ільготнікаў прарэдзілі, мы не пабачым такога вялікага прыросту кантрактаў па гэтых крэдытах”.
І вось статыстыка: за студзень і люты ўвод жытла, будаванага грамадзянамі пры падтрымцы дзяржавы, скараціўся больш, чым на 35 %, у параўнанні з тым жа перыядам летась. Але нават з дапамогаю дзяржавы не ўсе дадуць рады. У Менску занадта мала будуюць, кажуць рыэлтары.
МІКАЛАЙ ПРАСТАЛУПАЎ, ДЫРЭКТАР АГЕНЦЫІ «БЕЛЦТН»:
“Ці будзе горад асвойваць аэрапорт “Менск-1”? Раён Навінкі, мікрараёны Паўночны – 5 штук? Ці будзе асвойваць бліжэйшыя тэрыторыі – каля кальцавой і адразу за ёй? Ці будзе ён гэта рабіць, вось у чым пытанне”.
І гэта таксама пытанне перакосу ў коштах новых і старых кватэраў.
МІКАЛАЙ ПРАСТАЛУПАЎ, ДЫРЭКТАР АГЕНЦЫІ «БЕЛЦТН»:
“Хто будзе за хрушчоўку аддаваць $ 1400, калі можна будзе набыць навабуд за $ 1200–1000? Любы нармальны чалавек пачакае пару гадоў і купіць, калі яму скажуць: “Мы столькі зараз набудуем, усім хопіць”.
Дзмітрый у такія змены не паверыў, сабраў грошай, пазычыў і набыў. Старая хатка, але свая.
ДЗМІТРЫЙ БЯЗМЕНАЎ, НАВАСЁЛ:
“Прынамсі, таннець яны дакладна не будуць у бліжэйшы час. А чакаць, пакуль яны ўзляцяць яшчэ больш, я не хачу”.
А жыць дзесьці трэба.
Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”»
Первоначально было опубликовано здесь.
C уважением, Павел Астапеня
Добавить комментарий